СЛУ́ЦКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Пабудавана ў традыцыях нар. дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. Напачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы 18 ст. перанесена ў прадмесце Востраў і пабудавана на месцы разабранай у 1795 Міхайлаўскай царквы. У 1812 разрабавана франц. войскамі. Першапачаткова храм 2-зрубны, складаўся з асн. аб’ёму і апсіды, у канцы 19 ст. з захаду да асн. аб’ёму прыбудавана вежа-званіца. Царква яруснай кампазіцыі. Асн. прамавугольны ў плане 3-светлавы аб’ём і апсіда апяразаны па перыметры 2 глухімі прамавугольнымі ў плане галерэямі. Асн. аб’ём завершаны васьмерыком на чацверыку на заломах і ветразях, над апсідай — чацверыковы верх. Над вярхамі складанай формы купалы з цыбулепадобнымі купалкамі на глухіх васьмерыках. 3-ярусная вежа-званіца завершана шлемападобным купалам са шпілем. З 1990-х г. сабор.

Ю.​А.​Якімовіч.

Слуцкая Міхайлаўская царква.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)